Летнія інстытуты па амерыканістыцы (SUSIs) для беларускіх даследчыкаў(-чыц), навукоўцаў і выкладчыкаў(-чыц) універсітэтаў

Летнія інстытуты па амерыканістыцы (Study of the U.S. Institutes (SUSIs) for Scholars) — гэта інтэнсіўныя кароткатэрміновыя акадэмічныя праграмы паслядыпломнага навучання, якія даюць замежным выкладчыкам(-цам) універсітэтаў, навукоўцам і даследчыкам(-цам) магчымасць паглыбіць сваё разуменне Злучаных Штатаў. Мэтай праграмы з’яўляецца паляпшэнне якасці выкладання прадметаў і правядзення даследаванняў, звязаных са Злучанымі Штатамі, у навучальных або даследчыцкіх установах іншых краін.

Кожны Інстытут разлічаны на 18 удзельнікаў(-ніц) і ўключае чатырохтыднёвую акадэмічную праграму у розных амерыканскіх каледжах, універсітэтах і іншых акадэмічных установах, а таксама тыднёвую інтэграваную навучальную паездку па ЗША.

Праграма SUSIs for Scholars прапануе ўдзел у Інстытутах па наступных тэмах: 

  • Амерыканская палітыка і палітычная думка; 

  • Сучасная амерыканская літаратура; 

  • Журналістыка і медыя; 

  • Культура, ідэнтычнасць і грамадства ЗША; 

  • Эканоміка ЗША і ўстойлівае развіццё; 

  • Знешняя палітыка ЗША.

Чакаецца, што ўдзельнікамі(-цамі) праграмы будуць навуковыя спецыялісты(-кі) з багатым досведам працы ва ўстановах вышэйшай адукацыі і/ці аналітычных і даследчыцкіх цэнтрах, якія дэманструюць высокую матывацыю і гатоўнасць інтэграваць амерыканскія даследаванні ў сваю акадэмічную або прафесійную дзейнасць.

Патрабаванні да кандыдатаў(-ак):

  • мець грамадзянства Беларусі; 

  • добра валодаць англійскай мовай; 

  • цікавіцца тэмай Інстытута; 

  • звычайна быць ва ўзросце ад 30 да 50 гадоў;

  • мець багаты акадэмічны або прафесійны досвед працы ў ВНУ, аналітычных і даследчыцкіх цэнтрах альбо некамерцыйных арганізацыях; 

  • мець навуковую ступень магістра, кандыдата навук або доктара навук (аналаг PhD); 

  • дэманстраваць выдатныя лідэрскія якасці і адданасць сваёй прафесійнай або акадэмічнай супольнасці; 

  • праяўляць зацікаўленасць ва ўключэнні амерыканскіх даследаванняў у сваю прафесійную або акадэмічную дзейнасць; 

  • не мець ці амаль не мець досведу навучання ці падарожжаў у ЗША; 

  • быць адкрытымі, паважлівымі і здольнымі да ўзаемадзеяння з удзельнікамі(-цамі) з розных культурных асяроддзяў; 

  • быць гатовымі і здольнымі паўнавартасна ўдзельнічаць у інтэнсіўнай акадэмічнай праграме, грамадскай дзейнасці і адукацыйных паездках; 

  • камфортна ўспрымаць жыццё ў студэнцкім гарадку, быць гатовымі да пражывання ў адным пакоі з іншымі ўдзельнікамі(-цамі) і ўмець прыстасоўвацца да культурных і сацыяльных традыцый, адрозных ад прынятых у іх роднай краіне.

Дадатковая інфармацыя

Умовы пражывання і харчавання

Па магчымасці кожнаму(-ай) ўдзельніку(-цы) будзе выдзелены асобны пакой з агульнай ваннай на перыяд рэзідэнцыі (чатыры тыдні), але такія ўмовы не гарантаваны. Падчас навучальнай паездкі (адзін тыдзень) удзельнікі(-цы), хутчэй за ўсё, будуць пражываць у нумары гатэля разам з іншым(-ай) удзельнікам(-цай) таго ж полу. Харчаванне ў асноўным будзе арганізавана на тэрыторыі студэнцкага гарадка, але ўдзельнікі(-цы) могуць мець доступ да кухні, каб гатаваць некаторыя стравы самастойна. Будуць прыняты ўсе захады, каб забяспечыць задавальненне любых асаблівых патрабаванняў, якія тычацца дыеты, штодзённых набажэнстваў, пражывання і медыцынскага абслугоўвання.

Страхаванне

Усе ўдзельнікі(-цы) атрымліваюць медыцынскую страхоўку Дзяржаўнага дэпартамента ў памеры $100,000 з абавязковай даплатай $25 за адно наведванне лекара і $75 за адно наведванне аддзялення неадкладнай дапамогі на ўвесь перыяд дзеяння праграмы. Лячэнне захворванняў, якія існавалі да ўдзелу ў праграме (хранічных захворванняў) страхоўкай не пакрываецца. Інфармацыю аб дадзенай праграме медыцынскага страхавання можна знайсці на сайце USDOS | Seven Corners Government Solutions.

Патрабаванні і абмежаванні праграмы

Ад удзельнікаў(-ніц) чакаецца поўны ўдзел у акадэмічнай праграме. Яны павінны наведваць усе лекцыі і арганізаваныя мерапрыемствы, а таксама чытаць неабходную літаратуру. Кандыдаты(-кі) павінны разумець, што праграма вельмі інтэнсіўная і часу для асабістых заняткаў, не звязаных з праграмай, будзе мала.

Веданне англійскай мовы

Усе кандыдаты(-кі) павінны валодаць англійскай мовай на такім узроўні, каб быць здольнымі актыўна ўдзельнічаць у акадэмічнай праграме. Навучальныя ўстановы, у якія будуць накіраваныя ўдзельнікі(-цы), улічваюць, што ўзровень разумення і гутарковых здольнасцяў ўдзельнікаў(-ніц)можа быць розным, і рыхтуюць лекцыі і дыскусіі, якія адпавядаюць найвышэйшым акадэмічным стандартам, выкарыстоўваючы мову, прыдатную для ўдзельнікаў(-ніц), для якіх англійская з'яўляецца другой ці трэцяй мовай.

Працэдура падачы заяўкі

Прыём заявак на дадзеную праграма звычайна адбываецца ў снежні-студзені адзін раз на год. У цяперашні момант заяўкі на дадзеную праграму не прымаюцца. Калі ў вас ёсць пытанні аб праграме, калі ласка, звяжыцеся з Амерыканскімі радамі па міжнароднай адукацыі па адрасе belarus@americancouncils.org

Адбор кандыдатаў(-ак) для ўдзелу ў праграме ажыццяўляецца аддзелам публічнай дыпламатыі Амбасады ЗША ў Беларусі пры падтрымцы Амерыканскіх радаў па міжнароднай адукацыі. Кандыдаты(-кі), якія прайшлі папярэдні адбор, будуць запрошаны на інтэрв'ю.

____________________________________________________________________

Праграма дае роўныя магчымасці ўсім суіскальнікам(-цам) і не дапускае дыскрымінацыі па прыкмеце расы, колеру скуры, полу, рэлігіі, нацыянальнага або этнічнага паходжання, роднай мовы, інваліднасці або абмежаваных магчымасцяў.

Праграма адкрыта для ўсіх грамадзян(-ак) Беларусі, якія адпавядаюць патрабаванням, незалежна ад іх месца жыхарства ў цяперашні час.