Летні інстытут па амерыканістыцы для студэнтаў(-ак) з Еўропы (SUSI)

Летні інстытут па амерыканістыцы для студэнтаў(-ак) з Еўропы (Study of the U.S. Institute (SUSI)) — гэта інтэнсіўная кароткатэрміновая акадэмічная праграма, мэта якой — даць групам студэнтаў(-ак) бакалаўрыяту больш глыбокае разуменне Злучаных Штатаў і адначасова павысіць іх лідэрскія якасці. Пяцітыднёвы інстытут складаецца са збалансаванай серыі семінарскіх дыскусій, чытанняў, групавых прэзентацый і лекцый. Заняткі ў аўдыторыі дапаўняюцца адукацыйнымі паездкамі, экскурсіямі, разнастайнымі мерапрыемствамі і валанцёрскімі магчымасцямі ў мясцовай супольнасці.

Праграма разлічана на 20 удзельнікаў(-ніц) і ўключае чатырохтыднёвую акадэмічную праграму ва ўніверсітэце, а таксама тыднёвую інтэграваную паездку ў іншы рэгіён ЗША. Падчас акадэмічнай праграмы студэнты(-кі) таксама маюць магчымасць удзельнічаць у адукацыйных і культурных мерапрыемствах па-за межамі аўдыторыі.

Чакаецца, што ўдзельнікамі(-цамі) праграмы будуць высокаматываваныя студэнты(-кі) першага-трэцяга курсаў бакалаўрыяту/спецыялітэту вышэйшых навучальных устаноў, якія дэманструюць лідэрства праз акадэмічную працу, удзел у грамадскім жыцці і пазакласную дзейнасць. Іх галіны навучання разнастайныя і могуць уключаць прыродазнаўчыя, сацыяльныя, гуманітарныя навукі, адукацыю, бізнес і іншыя прафесійныя вобласці.

Даведайцеся больш аб праграме ад яе былых удзельнікаў і ўдзельніц:

Патрабаванні да кандыдатаў(-ак):

  • мець грамадзянства Беларусі;

  • добрае валоданне англійскай мовай;

  • зацікаўленасць у тэме праграмы;

  • узрост ад 18 да 25 гадоў на момант пачатку праграмы;

  • мець як мінімум адзін семестр да сканчэння навучання ў бакалаўрыяце/спецыялітэце і, такім чынам, быць гатовымі вярнуцца ў свой універсітэт пасля завяршэння праграмы;

  • дэманстраваць моцныя лідэрскія якасці і патэнцыял у сваім універсітэцкім і грамадскім жыцці;

  • праяўляць сур'ёзную цікавасць да атрымання ведаў аб Злучаных Штатах Амерыкі;

  • мець стабільна высокі ўзровень акадэмічнай паспяховасці, пра што сведчаць адзнакі, узнагароды і рэкамендацыі настаўнікаў(-ніц);

  • дэманстраваць прыхільнасць грамадскай і пазакласнай студэнцкай дзейнасці;

  • не мець ці амаль не мець досведу навучання ці падарожжаў у ЗША ці ў іншых краінах за межамі сваёй радзімы;

  • быць сталымі, адказнымі, незалежнымі, упэўненымі, адкрытымі, удумлівымі і дапытлівымі;

  • быць гатовымі і здольнымі паўнавартасна ўдзельнічаць у інтэнсіўнай акадэмічнай праграме, грамадскай дзейнасці і адукацыйных паездках;

  • камфортна ўспрымаць жыццё ў студэнцкім гарадку, быць гатовымі да пражывання ў адным пакоі з іншымі ўдзельнікамі(-цамі) і ўмець прыстасоўвацца да культурных і сацыяльных традыцый, адрозных ад прынятых у іх роднай краіне.

Дадатковая інфармацыя

Умовы пражывання і харчавання

Пражыванне будзе арганізавана ў агульных універсітэцкіх інтэрнатах на тэрыторыі студэнцкага гарадка з агульнымі ваннымі пакоямі. Мужчыны будуць пражываць на адным паверсе, а жанчыны – на іншым. Харчаванне ў асноўным будзе арганізавана на тэрыторыі студэнцкага гарадка, але ўдзельнікі(-цы) могуць мець доступ да кухні, каб гатаваць некаторыя стравы самастойна. Будуць прыняты ўсе захады, каб забяспечыць задавальненне любых асаблівых патрабаванняў, якія тычацца дыеты, штодзённых набажэнстваў, жылля і медыцынскага абслугоўвання.

Страхаванне

Усе ўдзельнікі(-цы) атрымліваюць медыцынскую страхоўку Дзяржаўнага дэпартамента ў памеры $100,000 з абавязковай даплатай $25 за адно наведванне лекара і $75 за адно наведванне аддзялення неадкладнай дапамогі на ўвесь перыяд дзеяння праграмы. Лячэнне захворванняў, якія існавалі да ўдзелу ў праграме (хранічных зах захворванняў) страхоўкай не пакрываецца. Інфармацыю аб дадзенай праграме медыцынскага страхавання можна знайсці на сайце USDOS | Seven Corners Government Solutions.

Патрабаванні і абмежаванні праграмы

Ад удзельнікаў(-ніц) чакаецца поўны ўдзел у акадэмічнай праграме. Яны павінны наведваць усе лекцыі і арганізаваныя мерапрыемствы, а таксама чытаць неабходную літаратуру. Кандыдаты(-кі) павінны разумець, што праграма вельмі інтэнсіўная і часу для асабістых заняткаў, не звязаных з праграмай, будзе мала.

Веданне англійскай мовы

Усе кандыдаты(-кі) павінны валодаць англійскай мовай на такім узроўні, каб быць здольнымі актыўна ўдзельнічаць у акадэмічнай праграме. Навучальныя ўстановы, у якія будуць накіраваныя ўдзельнікі(-цы), улічваюць, што ўзровень разумення і гутарковых здольнасцяў студэнтаў(-ак) можа быць розным, і рыхтуюць лекцыі і дыскусіі, якія адпавядаюць найвышэйшым акадэмічным стандартам, выкарыстоўваючы мову, прыдатную для студэнтаў(-к), для якіх англійская з'яўляецца другой ці трэцяй мовай.

Працэдура падачы заяўкі

У цяперашні момант заяўкі на дадзеную праграму не прымаюцца. Калі ў вас ёсць пытанні аб праграме SUSI, калі ласка, звяжыцеся з намі па адрасе belarus@americancouncils.org

Адбор кандыдатаў(-ак) для ўдзелу ў праграме ажыццяўляецца аддзелам публічнай дыпламатыі Амбасады ЗША ў Беларусі пры падтрымцы Амерыканскіх радаў па міжнароднай адукацыі. Кандыдаты(-кі), якія прайшлі папярэдні адбор, будуць запрошаны на інтэрв'ю.

____________________________________________________________________

Праграма дае роўныя магчымасці ўсім суіскальнікам(-цам) і не дапускае дыскрымінацыі па прыкмеце расы, колеру скуры, полу, рэлігіі, нацыянальнага або этнічнага паходжання, роднай мовы, інваліднасці або абмежаваных магчымасцяў.

Праграма адкрыта для ўсіх грамадзян(-ак) Беларусі, якія адпавядаюць патрабаванням, незалежна ад іх месца жыхарства ў цяперашні час.